Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 6 человек

Этнаграфічны музей “Беларуская хата”

Дата: 18 июля 2023 в 11:40, Обновлено 7 октября в 21:45

Музейная педагогіка

Фота музей

Этнаграфічны музей “Беларуская хата”

Толькі выхаванне, створанае самім народам і заснаванае на народных пачатках,

мае тую выхаваўчую сілу, якой няма ў самых лепшых сістэмах, заснаваных на абстрактных ідэях.

К.Д.Ушынскі

Без вяртання ў сваёй вучэбна-выхаваўчай рабоце да народных вытокаў, да роднай спадчыны, фальклору нельга аднавіць нацыянальную культуру, нацыянальную школу. У беларусаў засталіся два шляхі: адарвацца ад сваіх вытокаў, растварыцца ў другой нацыі або займацца адраджэннем нацыянальнай культуры. Другі шлях – цяжэйшы. Але, каб “беларусамі звацца” – гэта проста неабходна рабіць, і іншага шляху ў нас не павінна быць. Вяртанне да народа  – гэта зварот да дабрыні, міру і грамадскай згоды. У працэсе фарміравання асобы трэба адрадзіць выхаванне ў сапраўдным значэнні гэтага слова. Яно павінна абапірацца на этнапедагогіку, народны фальклор, на сапраўдныя нацыянальныя каштоўнасці, традыцыі і звычаі. Гэта дае магчымасць школьнікам спасцігнуць светапогляд і душу свайго народа, фальклорнага багацця, якія заўсёды з’яўляюцца магутным фактарам выхавання нашчадкаў.  Свой уклад у фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў-школьнікаў уносіць найперш школа і, менавіта, этнаграфічны музей, які з`яўляецца падмуркам рэалізацыі выхаваўчых мэт. Гэта тая прыступка, дзе ў працэсе навучання і выхавання дзіця далучаецца да багацця нацыянальнай культуры, спасцігае і асэнсоўвае свае карані, спазнае скарбонку народнай мудрасці.

Веданне фальклору усведамляецца сучасным грамадствам як абавязковая частка духоўнасці, самабытнасці, фактар пераемнасці пакаленняў, далучэнне да нацыянальнай культуры, гісторыі народа.

З гэтай нагодай, па ініцыятыве педагагічнага калектыву і вучняў у 1993 годзе быў створаны этнаграфічны пакой Беларуска-славянскай гімназіі № 36 імя Івана Мележа, галоўнай мэтай якога стала выхаванне вучня-грамадзяніна, вучня-сына сваёй Радзімы, які паважае і ведае спадчыну сваіх бацькоў, гісторыю роднага краю, родную беларускую мову, які шануе і зберагае беларускія традыцыі.

І вось адзін за адным у нашым пакоі з’явіліся экспанаты. Тут былі саматканыя посцілкі і вышываныя ручнікі з бабульчыных куфэркаў, гліняныя гладышы і гаршкі, драўляныя начоўкі, лапці і шмат іншых цікавых рэчаў, якія раней служылі людзям.

З цягам часу колькасць экспанатаў павялічвалася, і ў 2005 годзе быў адкрыты этнаграфічны музей “Беларуская хата”.

Работа музея праводзіцца па зацверджанаму плану, складаецца з 4 раздзелаў:

* арганізацыйная работа;

* навукова-даследчая і пошукавая работа;

* экскурсійна-прапагандысцкая работа;

* інструктыўна-метадычная работа.

Асноўны фонд музея ўключае ў сябе 119 экспанатаў і падзяляецца на 4 раздзелы:

* інтэр’ер жылля;

* ткацтва і вышыўка;

* адзенне;

* сельскагаспадарчыя прылады працы.

Цікава зазірнуць у мінулае, даведацца, як жылі продкі, душой і сэрцам адчуць спадчыну свайго народа.

У музеі “Беларуская хата” можна ўбачыць саматканыя посцілкі і вышываныя ручнікі з бабульчыных куфэркаў, гліняныя гладышы і гаршкі, драўляныя рэчы, лапці і шмат іншых цікавых рэчаў, якія раней служылі людзям.

Вочы свецяцца радасцю і зацікаўленасцю тады, калі дзеці пераступаюць парог музея.

Да вясковай печы хочацца дакрануцца рукой: здаецца, яна яшчэ дыхае цяплом, пачаставаўшы гасцей верашчакай, дранікамі, пульхнымі блінамі.

Адпачываюць каля сцяны прасніца і калаўрот, падрыхтаваўшы для кроснаў маткі нітак. Маляўнічы куфар разаслаў вясёлкавыя ручнікі, коўдры, абрусы, сурвэткі.Аб калядным свяце мроіць ступа з таўкачамі.

Хіба ж  не цікава даведацца, з чаго зроблены гэтыя лапці, і ці праўда, што іх абувалі на ногі? А што гэта за кола стаіць, няўжо з яго дапамогай рабілі ніткі? Тут можна не толькі пачуць цікавую гісторыю пра старыя рэчы, але і ўбачыць работы ўмельцаў.

Адна справа бачыць першабытныя прылады працы на фотаздымку ў падручніку, і зусім іншая – патрымаць у руках гэтыя рэчы. Можна шмат разоў гаварыць аб прыроднай кемлівасці і спрактыкаванасці нашых продкаў, іх ўменні прыстасоўвацца да розных жыццёвых абставін і цяжкасцей, а можна прадэманстраваць вучням драўляную мянташку, якую выкарыстоўвалі нашы продкі для таго, каб навастрыць касу, і паказаць, як гэта рабілася, як можна дрэвам завастрыць жалеза, і дзеці гэту кемлівасць і вынаходлівасць абавязкова ацэняць.

Такім чынам, вучні пачынаюць адчуваць, што гісторыя, якую яны вывучаюць па падручніках, тварылася тут, у роднай мясцовасці, і тварылі яе таксама і іх продкі.

На шчасце, гэтыя традыцыі яшчэ не забыты, яны цепляцца ў нашых душах. Праз шэраг святаў, экскурсій дзеці далучаюцца да гістарычнай спадчыны, захоўваюць усё лепшае, што мае наш народ у сваёй скарбонцы, памнажаюць тыя нацыянальныя здабыткі, якія ўжо займела незалежная Беларусь.

Атмасфера беларускай хаты стварае эмацыянальны настрой, фарміруе спрыяльную глебу для глыбокага ўспрымання таго, што адбываецца.

У традыцыю ўваходзіць правядзенне ў музеі “Беларускіх вячорак”, класных гадзін, пазакласных мерапрыемств, тэматычных гутарак (“Народнае адзенне”, “Рамёслы”, “Традыцыйныя віды працоўнай дзейнасці беларусаў”, “Традыцыі і звычаі беларускага народа”, “Нашы знакамітыя землякі”), дэманстрацыя мод “Беларуская прыгажуня”, выстава мялюнкаў “Узор на беларускім касцюме”, конкурс плакатаў “З любоўю да Радзімы”.

Гульні дзяцей – неад’емная частка жыцця. У іх адлюстравана ўся разнастайнасць жыцця беларускага народа. Вучні з захапленнем развучваюць і гуляюць ў беларускія гульні.

Акрамя таго, у музеі праводзяцца выставы творчых работ дзяцей: малюнкаў, кніжак-самаробак, работ з саломкі, выцінанак.

На фарміраванне чалавека ўсебакова ўплывае  і народнае свята, яно садзейнічае маральнаму, эстэтычнаму, разумоваму і фізічнаму выхаванню. Далучэнне да народнай святочнай традыцыі выхоўвае любоў да Радзімы, роднай мовы, народа-творцы.

У музеі праводзяцца святы: “Калядкі”, “Масленіца”, “Гуканне вясны”, “Саракі”, “Дажынкі”, урокі-святы па тэмах: “Беларуская хата”, “Беларусь – краіна Майстроў”, “Звычаі і традыцыі” і інш., якія знайшлі сваё адлюстраванне ў зборніку “Вянок гімназічных святаў”.

Матэрыялы музея ўжываюцца настаўнікамі на ўроках, пазакласных мерапрыемствах, выязных выставах у якасці навучальных дапаможнікаў, дэманстрацыйнага матэрыялу.

Вялікую зацікаўленасць усімі мерапрыемствамі, якія праводзяцца ў музеі, выказваюць бацькі. Яны прымаюць удзел у дыскусіях па пытаннях, якія патрабуюць калектыўнага абмеркавання і звязаны з этнапедагагічнай праблематыкай, напрыклад, “Мой радавод: чаму патрэбна выхоўваць  дзяцей на прыкладах славутых продкаў?”, “Звычаі і традыцыі беларускага народа ў сямейным выхаванні”, “Народныя прыкметы ў выхаванні дзяцей”. З дапамогай бацькоў вучні прыгожа аформілі сабраны матэрыял аб сваіх продках (“Мой радавод”).

Музей спрыяе выкарыстанню мадэлі выхавання на аснове народнай педагогікі, вучыць дзяцей займацца пазнавальна-даследчай дзейнасцю.

Быў сабраны матэрыял па тэмах: “Беларуская народная кухня”, “Беларускі ручнік – ахоўнік роду”, “Беларускае народнае адзенне”, “Беларускія традыцыі”, “Беларускі народны каляндар”, “Народныя помыслы Беларусі”. Асаблівую цікавасць вызвала экспедыцыя ў вёску Н.-Цярэшкавічы Гомельскага раёна, якая дала магчымасць пазнаёміцца з майстрыхай Клімовіч Валянцінай Мікалаеўнай, падзівіцца яе вырабамі, майстэрствам, правесці цікавую і адначасова пазнавальную гутарку аб занятках нашых продкаў, асноўных рамёслах мінулага часу.

Музей “Беларуская хата” таксама мае і вялікую культурна-асветніцкую дзейнасць. Дзверы музея заўсёды гасцінна адкрыты для ўсіх жадаючых дакрануцца да гісторыі продкаў. У музеі “Беларуская хата” праходзіць шмат экскурсій не толкі для вучняў нашай гімназіі, але і для шматлікіх гасцей – гэта і вучні з другіх школ, выхаванцы дзіцячых садкоў, удзельнікі алімпіяд і конкурсаў, настаўнікі, госці з замежжа. Ні адна падзея не адбываецца ў гімназіі без удзелу музея.

Ганарова, што музей “Беларуская хата” з’яўляецца адным з асветніцкіх куткоў знаёмства з традыцыямі беларускага народа. Ён дае магчымасць паглыбіцца ў мінулае нашых продкаў не толькі землякам, але і суседзям з замежных краін. Сведчаннем гэтаму з’яўляецца наведванне музея “Беларуская хата” гасцямі з Расіі (г.Масква, г.Самара), Украіны, Польшчы. Прыемныя словы ўдзячнасці наведвальнікі пакідаюць у кнізе водгукаў, а некаторыя размяшчаюць свае ўражанні ў часопісах, прыкладам з’яўляецца польскі часопіс “Pismo literacko-naukowe” (часопіс “Літаратурна-навуковых прац”).

Праца ў музеі праходзіць пад дэвізам: “Ад дапытлівасці – да зацікаўленасці, ад зацікаўленасці – да трывалай пазнавальнай актыўнасці, усё больш устойлівай накіраванасці асобы, глыбокаму вывучэнню традыцый нацыянальнай культуры”. Кожнаму вучню даецца няхай невялічкі, але ж  творчы пачатак, які замацоўваецца і развіваецца.

Матэрыялы да Рэспубліканскага конкурсу этнаграфічных музеяў

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.