Указом Президента изменено название памятной даты 22 июня
Президент Беларуси Александр Лукашенко подписал закон "О геноциде белорусского народа"
Хатынь
Ні на адной самай падрабязнай геаграфічнай карце вы не знойдзеце сёння гэтай беларускай вёскі. Яна была знішчана фашыстамі вясной 1943 года.
Гэта адбылося 22 сакавіка 1943 года. Азвярэлыя фашысты ўварваліся ў вёску Хатынь і абкружылі яе. Жыхары вёскі нічога не ведалі аб тым, што раніцай за 6 км ад Хатыні партызаны абстралялі аўтакалону гітлераўцаў і ў выніку нападзення быў забіты нямецкі афіцэр. Але ні ў чым не павінным людзям фашысты ўжо вынеслі смяротны прысуд. Усё насельніцтва Хатыні ад малога да вялікага – старых, жанчын, дзяцей — выганялі з хат і гналі ў калгаснае гумно. Прыкладамі аўтаматаў падымалі хворых, старых, не шкадавалі жанчын з маленькімі дзецьмі і немаўлятамі. Сюды прывялі сем’і Іосіфа і Ганны Бараноўскіх з 9 дзецьмі, Аляксандра і Аляксандры Навіцкіх з 7 дзецьмі; столькі ж дзяцей было ў сям’і Казіміра і Алены Іотка, самаму меншаму толькі споўніўся год. У гумно прыгналі Веру Яскевіч з сямітыднёвым сынам Толікам. Леначка Яскевіч спачатку хавалася ў двары, а потым вырашыла пабегчы ў лес. Кулі фашыстаў не змаглі дагнаць дзяўчынку. Тады адзін з карнікаў кінуўся за ёю, дагнаў і расстраляў на вачах звар’яцелага ад гора бацькі. Разам з хатынцамі ў гумно трапілі Антон Кункевіч з Юркавічаў і Крысціна Слонская з Камена, якія ў гэты час знаходзіліся ў Хатыні.
Ні адзін дарослы не змог застацца незаўважаным. Толькі траім дзецям – Валодзю Яскевічу, яго сястры Соні Яскевіч і Сашу Жалабковічу ўдалося схавацца ад гітлераўцаў.
Калі ўсе жыхары вёскі былі ў гумне, фашысты запёрлі дзверы, аблажылі будыніну саломай, аблілі бензінам і падпалілі. Драўлянае гумно імгненна загарэлася. У дыме задыхаліся і плакалі дзеці. Дарослыя спрабавалі ратаваць іх. Пад націскам дзесяткаў чалавечых цел не вытрымалі і ўпалі дзверы. У ахопленым агнём адзенні, апанаваныя жахам, людзі кінуліся бегчы, але тых, хто вырываўся з полымя, фашысты расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў. Загінулі 149 чалавек, з іх 75 дзяцей да 16— гадовага ўзросту. Вёска была разрабавана і спалена.
Дзве дзяўчыны — Марыя Федаровіч і Юлія Клімовіч – цудам змаглі выбрацца з палаючага гумна і дапаўзці да леса. Абгарэлых, ледзь жывых, іх падабралі жыхары вёскі Хварасцені Каменскага сельсавета. Але і гэта вёска хутка была спалена фашыстамі і абедзве дзяўчыны загінулі.
Жывымі засталіся толькі двое дзяцей – сямігадовы Віктар Жалабковіч і дванаццацігадовы Антон Бараноўскі. Разам з іншымі з палаючага гумна выбегла і Ганна Жалабковіч. Яна моцна трымала за руку сямігадовага сына Віцю. Смяротна параненая жанчына, падаючы, прыкрыла сына сабою. Дзіця з прастрэленай рукой праляжала пад трупам маці да адыходу карнікаў з вёскі. Антон Бараноўскі быў паранены ў нагу разрыўной куляй. Гітлераўцы палічылі яго мёртвым.
Абгарэлых, параненых дзяцей падабралі і выхадзілі жыхары суседніх вёсак. Пасля вайны хлопчыкі выхоўваліся ў дзіцячым доме ў г. п. Плешчаніцы.
Адзіны дарослы сведка хатынскай трагедыі — 56-гадовы вясковы каваль Іосіф Камінскі, абгарэлы, паранены, апрытомнеў позна ноччу, калі фашыстаў ужо не было ў вёсцы. Яму давялося перажыць яшчэ адзін цяжкі ўдар: сярод трупаў аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго параненага сына. Хлопчык быў смяротна паранены ў жывот, атрымаў моцныя апёкі. Ён памёр на руках у бацькі.
Гэты трагічны момант з жыцця Іосіфа Камінскага пакладзены ў аснову стварэння адзінай скульптуры мемарыяльнага комплексу “Хатынь” – «Няскораны чалавек».
Трагедыя Хатыні – адзін з тысяч фактаў, што сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду ў адносінах да насельніцтва Беларусі, якую фашысты ажыццяўлялі на працягу ўсяго перыяда акупацыі. Сотні такіх трагедый адбыліся за тры гады акупацыі (1941 – 1944) на беларускай зямлі.
Ала
Вёску Ала, як мы ўжо ведаем, спалілі разам з жыхарамі. Усю, дарэшты. Не пашкадавалі і немаўлят. 950 дзіцячых душ знішчылі... У 1941 году ў вёсцы налічвалася 34 двары, пражывалі 168 чалавек. Тут знаходзіўся Шацілкаўскі лесаўчастак, была пачатковая школа, якую напярэдадні вайны скончылі 35 вучняў...
Пасля Вялікай Айчыннай вайны там, дзе была вёска, засталіся папялішчы, а на ўскраіне - агульная магіла, адзначаная цяпер памятным каменем і Паклонным крыжам, - нямая сведка трагедыі, якая здарылася 14 студзеня 1944 года.
Менавіта ў гэты дзень а 6 гадзіне раніцы вёску з усіх бакоў атачыў нямецкі карны атрад. Пад папераджальныя стрэлы і падганяючы брэх сабак усіх, быццам для рэгістрацыі, сагналі ў вялікую калгасную адрыну. Тыя, хто спрабаваў бегчы, падалі, скошаныя аўтаматнымі чэргамі. Тых, хто хаваўся ў зямлянках і ямах, знаходзілі сабакі. З адрыны забіралі асобнымі групамі, заяўляючы пры гэтым, што будуць аўтамашынамі адвозіць у тыл, а адводзілі ў іншы канец вёскі, запіхвалі ў хаты, якія аблівалі гаручай вадкасцю і падпальвалі.
Вяскоўцы гінулі ад агню і выбухаў гранат, якія ляцелі ў вокны і дзверы. Старых і дзяцей жывымі кідалі ў агонь, а тых, хто выбягаў з полымя, забівалі. Выратавацца з гэтага фашысцкага пекла не ўдалося амаль нікому. Сярод тых, каму пашчасціла, — Вольга Курловіч з малалетнім сынам, якая прыкінулася мёртвай між трупаў, і Арцём Усціменка, які за некалькі хвілін да расправы праз патаемны ход, што вёў з печы на столь, вылез на двор і дапоўз да лесу. Яго хата стаяла ля самага хвойніку, і яму ўдалося выбрацца з вёскі.
- У маёй памяці, - расказваў ён, - і цяпер стаіць жудасны плач жанчын і дзяцей, якія гінуць у агні.
Арцём Усціменка быў запрошаны сведкам у Бранск, дзе судзілі ваенных злачынцаў за ўсё, што адбылося ў Але. Яшчэ адна сведка тых трагічных падзей — Гаўрыла Кандрацьевіч Зыкун:
- Так здарылася, што за дзве гадзіны да прыходу карнікаў я з маленькай дачкой пайшоў у лес. Вярнуўся праз некалькі дзён, калі тут ужо былі савецкія войскі. Страшная карціна адкрылася перад вачыма. Усе хаты спалены. На папялішчах - абгарэлыя косці, у дварах, у агародах, за вёскай - забітыя. Шмат трупаў каля спаленай калгаснай пуні. Перад тым як сысці са знішчанай вёскі, захопнікі здзекаваліся з забітых. Кідалі трупы ў калодзеж, у ямы, аблівалі бензінам, палілі...
Савецкія воіны пахавалі забітых у брацкай магіле. Былы афіцэр, маскоўскі пісьменнік Сяргей Міхайлавіч Галіцын распавядаў:
- У пачатку 1944 гады мы пракладвалі дарогу–гаць у паласе наступу 48–й арміі. Да мяне прыбеглі салдаты: "Хутчэй, хутчэй!.." Я быў узрушаны: куча спаленых людзей. Кінуліся ў вочы лапці ды анучы на цудам ацалелых ножках абгарэлага хлопчыка гадоў шасці. І потым, у кнізе «Паданні аб белых камянях» я ўспомніў гэтыя дзіцячыя ножкі, апісваючы падзеі 6 і 8 лютага 1238 гады, калі рускі горад Уладзімір быў знішчаны заваёўнікамі. Акупацыю Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі параўнаў, такім чынам, з татарскім нашэсцем, трагедыю Алы - з трагедыяй Уладзіміра...